Намашчэнне хворых

Уступ

Кожны чалавек, напэўна, неаднойчы сутыкаўся з хваробай — або ўласнай, або каго-небудзь з блізкіх. І заўсёды ў такіх сітуацыях праяўляецца бязраднасць перад хваробай, якая часам заканчваецца смерцю. І вельмі важна, як чалавек адносіцца да сваёй хваробы, бо хвароба можа прывесці да адчаю і бунту супраць Бога, а можа, наадварот, умацаваць чалавека, яго веру і адносіны з Богам.

Езус Хрыстус неаднойчы казаў, што Ён прыйшоў не да здаровых, а да тых, хто мае патрэбу ў лекары. У Евангеллі мы чытаем шматлікія апісанні аздараўлення чалавека, але заўсёды ад чалавека патрабуецца вера.

Што такое Сакрамэнт намашчэння хворых?

Сакрамэнт намашчэння хворых — гэта вялікая ласка для хворага чалавека. Праз яго хворы атрымоўвае Божае благаслаўленне і, калі на тое будзе воля Бога, навяртанне да здароўя. Кожны, хто прымае Сакрамэнт намашчэння, злучаецца з мукай Хрыста дзеля ўласнага дабра і дабра ўсяго Касцёла, атрымлівае спакой і мужнасць, каб па-хрысціянску прымаць цярпенні, хваробы або мукі.

Хто можна атрымаць гэты Сакрамэнт?

Сакрамэнт намашчэння хворых — гэта не сакрамэнт памірання, а сакрамэнт аздараўлення, і пра гэта варта памятаць. Гэта азначае, што сакрамэнт намашчэння хворых можна і патрэбна ўдзяляць не тады, калі чалавек ужо памірае, а намнога раней.

Па-першае, хворы павінен быць ахрышчаным. Па-другое, Сакрамэнт ёсць для тых, хто знаходзіцца ў стане цяжкай, небяспечнай для жыцця хваробы, таксама перад аперацыяй.

У двух словах можна сказаць, што гэты сакрамэнт — для састарэлых і цяжка хворых вернікаў.

Як пазваць ксяндза? 

Можна падысці ў закрыстыю і дамовіцца або патэлефанаваць.

Як адбываецца ўдзяленне Сакрамэнту?

Калі чалавек сам не можа прыбыць да касцёла, святар сам выязджае да дому хворага.

Напачатку адбываецца споведзь. Калі хворы атрымае прабачэнне грахоў, святар ускладвае рукі на яго галаву і намашчае святым алеем чало і рукі, кажучы пры гэтым спецыяльную формулу. Пасля таго, як хворы прыступіць да святой Камуніі, святар удзяляе благаслаўленне.

Па магчымасці, неабходна падрыхтаваць адпаведнае месца, дзе хворы зможа ўдзельнічаць у літургічнай цэлебрацыі. Належыць паставіць стол (калі гэта не магчыма, то можна стул каля ложка хворага), засланы белым абрусам. Пасярэдзіне стала — размясціць крыж і дзве запаленыя свечкі на падсвечніках па абодвух баках ад яго.