Гісторыя заснавання парафіі

Заснаванне уздзенскай каталіцкай парафіі

Герб «Астоя» – прыватнаўласьніцкі герб, якім карысталіся больш за 200 шляхоцкіх родаў Беларусі, Летувы, Польшчы і Ўкраіны.

Заснаванне узденскай каталіцкай парафіі звязана з імем Крыштафа Кавячынскага. Шляхецкі род Кавячынскіх вядомы з XV стагоддзя. У першай палове XVI стагоддзя некаторыя Кавячынскія перасяліліся ў Вялікае княства Літоўскае і набылі тут маёнткі. У другой палове XVI ст. Мацей Кавячынскі, па веравызнанні кальвініст, набывае маёнтак Кухцічы, у склад якога ўваходзіла і мястэчка Узда. У 1560-1570 гг. ён пабудаваў тут кальвінскі збор.

У канцы XVI ст. з перамогай каталіцкай контррэфармацыі паны-пратэстанты вярнуліся ў каталіцтва. Нашчадкі Кавячынскіх таксама адышлі ад кальвінізму, а Крыштаф Кавячынскі, ліквідаваўшы кальвінскую царкву, у гэтым жа будынку адкрыў каталіцкі касцёл.

У 1584 годзе ён заснаваў ва Уздзе каталіцкую парафію і падараваў ёй зямельную уласнасць – фальварак Тычынкі разам з зямлёй у вёсках Забалацце і Сыманчыцы. Ёсць звесткі, што ў канцы XVI ст. каталіцкаму касцёлу належала і вёска Даўгінава. Кавячынскі актыўна праводзіў акаталічванне падуладнага яму насельніцтва, у першую чаргу сваіх дваровых слуг. Набажэнствы праводзіліся ў малой капліцы, і Кавячынскі пачаў будаваць ва Уздзе каталіцкі касцёл, будоўля якога была закончана пасля яго смерці. У 1620-1630-я гг. мястэчка Узда ўжо не значыцца ўладаннем Кавячынскіх. У 1667 годзе маёнтак Кухцічы належыць пану Казіміру Завішу, маршалку ВКЛ. Дакументы сведчаць, што з другой паловы XVII ст. амаль усе ўладальнікі маёнткаў на Уздзеншчыне з'яўляюцца каталікамі па веравызнанні. Гэта Завішы, Радзівілы, Кішкі, Пацеі, Вышамірскія, Трускоўскія, Галаўчынскія, Заранкі, Ленскія, Пацы, Булгарыны, Быхаўцы, Ельскія і інш. Акрамя паноў, каталіцкае веравызнанне прыняла большая частка засцянковай шляхты і частка панскіх слуг. Трэба адзначыць, што прыгоннае сялянства ў гэты час заставалася праваслаўным, а ў XVIII ст., як сведчаць дакументы, – уніяцкім. Прыкметна яшчэ і тое, што набажэнства ў касцёле вялося на лацінскай мове, а казанні чыталіся на польскай. У сярэдзіне XVII стагоддзя пры парафіі пачала дзейнічаць іезуіцкая школа.

У складзе Расійскай імперыі

У 1793 годзе сярэдняя частка Беларусі, уключаючы ўсё Мінскае ваяводства, да якога адносілася і Уздзеншчына, была па другім падзеле Рэчы Паспалітай уключана ў склад Расійскай імперыі. На гэтай тэрыторыі была ўтворана Мінская губерня. Тэрыторыя Уздзеншчыны была ўключана ў склад Ігуменскага павета Мінскай губерні. За памешчыкамі Беларусі, якія прынялі прысягу на вернасць расіі, захаваліся ўсе іх зямельныя ўладанні, на іх распаўсюджваліся правы, дадзеныя рускаму дваранству "жалаванай граматай" 1775 года. Паколькі большасць памешчыкаў Беларусі, асабліва буйныя і сярэднія, былі каталікамі, то царскі ўрад захаваў за імі права вольнага адпраўлення каталіцкіх абрадаў. Яшчэ раней, пасля першага падзелу, па ініцыятыве імператрыцы Кацярыны II была ўтворана на тэрыторыі Беларусі Магілёўская каталіцкая дыяцэзія. Аднак пераход у каталіцтва і уніяцтва асобаў праваслаўнай веры забараняўся.

Графы Завішы прынялі рускае падданства. Уладальнік Узды, маёнтка Кухцічы Казімір Завіша паступіў на службу да рускага ўрада, стаў генералам рускай арміі. З дазволу ўрада (імператар Павел I вельмі прыхільна адносіўся да каталіцтва, і пры ім была ўтворана Мінская дыяцэзія) у 1798 годзе Казімір Завіша пабудаваў у маёнтку на асабістыя сродкі прыгожы драўляны касцёл з высокай вежай у архітэктурным стылі класіцызму. Унутранае ўбранства здзіўляла сваёй прыгажосцю. Алтарная частка і памяшканне для касцёльнага начыння былі багата аздоблены срэбрам. Арган, паводле сведчанняў старэйшых жыхароў Узды, быў адным з самых вялікіх у Беларусі. Пад касцёлам у скляпах было фамільнае пахаванне Завішаў. Каталіцкай плябаніі належала 8 дамоў прыгонных сялян (31 чалавек), парафіяльны прыбытак складаў 200 рублёў у год.

Каталіцкая парафія адносілася да Койданаўскага наднёманскага дэканата Мінскай дыяцэзіі. Парафія мела капліцы ў Таўкачэвічах, Рабінаўцы, Старынках, у Кухцічах і на ўздзенскіх могілках. Дарэчы, кухціцкі касцёл, былы кальвінскі збор, у канцы XVIII ст. быў перабудаваны ў капліцу-пахавальню італьянскім архітэктарам Карлам Спампані. У выніку, помнік архітэктуры рэнесансу набыў рысы архітэктуры класіцызму. У той час былі прыбудаваны алтарная частка, прытвор, упрыгожаны порцікам з картышам і дзвюма вежамі-званніцамі.

Паводле артыкула "З гісторыі каталіцызму на уздзеншчыне". Аўтары Алена ДАШКЕВІЧ, вучаніца гімназіі, навуковы кіраўнік Андрэй ЯРМОЛЬЧЫК, настаўнік гісторыі. Надрукавана у грамадска-палітычнай газеце Уздзенскага раёна "Чырвоная зорка", выпуск №84-85 (7806-7807) ад суботы, 19 ліпеня 2008 года, стар. 9.

Старажытная парафія адзначыла свой юбілей

12 верасня 2010 года парафія Узвышэння Святога Крыжа ў горадзе Узда Мінскай вобласці адзначыла вялікі юбілей — 325-годдзе свайго існавання, а таксама 15-годдзе адраджэння парафіі і 5-годдзе кансэкрацыі новага касцёла.

Гэтая ўрачыстасць стала сапраўдным святам для ўсяго горада, які мае багатую і цікавую гісторыю. Каталіцызм у гэтай гісторыі адыгрывае вельмі важную і нават вядучую ролю. Гістарычныя дакументы сведчаць пра тое, што з паловы XVII стагоддзя амаль усе уладальнікі маёнткаў на Уздзеншчыне былі католікамі. Сёння цяжка ўявіць беларускую навуку і культуру без імёнаў Янкі Купалы, Наркевіча-Ёдкі, Яна Завішы, Магдалены Радзівіл, Тадэвуша Булгарына, роду Кавячынскіх.

Менавіта Крыштаф Кавячынскі распачаў ва Уздзе ўзвядзенне каталіцкай святыні, будаўніцтва якой было завершана ўжо пасля яго смерці. Быў гэта 1684 год, які і лічыцца годам заснавання парафіі. Пасля Кавячынскіх Узда і вёскаКухцічы належалі старажытнаму графскаму роду Завішаў, прадстаўнікі якога самаахвярна дбалі пра касцёл і парафію. Пад касцёлам у скляпенні быў іх радавы склеп. На тэрыторыі парафіі знаходзяцца таксама сямейныя могілкі Наркевічаў-Ёдкаў.

Гісторыя уздзенскага касцёла пазначана яшчэ адной вельмі важнай падзеяй — у 1846 годзе тут быў ахрышчаны бацька Янкі Купалы Дамінік Луцэвіч.

У ХХ стагоддзі жыццё парафіі ўскладнілася, а ў 1935 г. уздзенскі касцёл быў зачынены.

Аднаўленне рэлігійнага жыцця прыйшло на пачатку 1990-х гадоў. У 1994 г. у Беларусь прыбылі святары з Ордэна Місіянераў Святой Сям’і. Ксёндз Яраслаў Зарадзкі стаў пробашчам уздзенскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа. Спробы вярнуць былы касцёл, які з савецкіх часоў быў ператвораны ў Дом культуры, не прынеслі поспеху, таму было вырашана будаваць новы касцёл. У 2004 г. будаўніцтва было завершана і кардынал Казімір Свёнтэк кансэкраваў святыню.

І вось цяпер, у такі адметны для парафіі юбілей, Яго Эмінэнцыя прыехаў сюды, каб раздзяліць радасць вернікаў. З прыгожым караваем у руках і са слязьмі на вачах парафіяне сустракалі чалавека, які з’яўляецца сапраўдным сведкам нязломнай веры, жывой легендай Касцёла.

Крыху раней уся парафія вырушыла праз горад на перакрыжаванне дарог, каб сустрэць свайго арцыпастыра — Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча. Жыхары горада з захапленнем і цікавасцю глядзелі на ўрачыстае шэсце вернікаў пад гукі моладзевага духавога аркестра з Рубяжэвічаў пад кіраўніцтвам сужэнцаў Сабалеўскіх. Многія далучаліся да працэсіі і святкавалі разам, нягледзячы на іншае веравызнанне.


У гэтай цудоўнай урачыстасці прымалі ўдзел 15 святароў, быў і правінцыял Ордэна Місіянераў Святой Сям’і Мар’ян Каладзейчык, а таксама прадстаўнік польскага консульства і прадстаўнікі абласной і раённай уладаў.

Пробашч уздзенскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа ксёндз Дзяніс Шастаковіч MSF прывітаў прысутных і папрасіў кардынала Казіміра Свёнтка аб цэлебрацыі святой Імшы.

Гамілію прамовіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён сказаў: «Мы дзякуем Богу за тое, што маем касцёлы, што іх крыжы ўзвышаюцца і клічуць люд верны... Мы павінны скіроўваць свой позірк на крыж. Гарызантальная бэлька крыжа — гэта чалавек (кожны з нас), вертыкальная — сувязь з Богам. І калі не будзе гэтай вертыкалі, чалавек упадзе. Зямля круціцца, а крыж застаецца... Не наракайма на крыж, які вядзе да збаўлення!»

Пасля св. Імшы адбылася адарацыя святога крыжа. Таленавіты спеў Валерыя Шмата, які суправаджаў набажэнства, дапамагаў глыбокаму перажыванню гэтага моманту — на тварах многіх вернікаў былі слёзы...

Потым для ўсіх сабраных быў пачастунак, цікавыя і шчырыя размовы з гасцямі, здымкі на памяць з Яго Эмінэнцыяй... Развітваючыся, кардынал Казімір Свёнтэк сказаў парафіянам, што уздзенская парафія вельмі блізкая ягонаму сэрцу і што ў сваім Пінску ён будзе заўсёды пра яе памятаць.

Паводле артыкула "Старажытная парафія адзначыла свой юбілей". Аўтары Галіна КАЛЕВІЧ. Надрукавана у часопісе Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі "Ave Maria", выпуск №10 (175) ад 2009 года, эл. дан. (спасылка).